ФТО́РЫСТЫ ВАДАРО́Д, фторавадарод,

злучэнне фтору з вадародам (HF).

Бясколерны газ ці вадкасць з рэзкім пахам, tпл -83, 36 °C, tкіп 19,52 °C, шчыльн. вадкага 980 кг/м³. Малекулы звычайна асацыіраваныя. Водны раствор — фторыставадародная кіслата. Рэагуе з металамі з утварэннем фтарыдаў, з аксідамі — оксіфтарыдаў ці фтарыдаў, замяшчае галагены ў галагенідах металаў. Добры растваральнік неарган. і арган. злучэнняў. Атрымліваюць узаемадзеяннем флюарыту (CaF2) з канцэнтраванай сернай к-той. Выкарыстоўваюць як каталізатар у арган. сінтэзе, у вытв-сці хладонаў, фтарапластаў і інш. Таксічны, раздражняе дыхальныя шляхі, на скуры выклікае язвы і апёкі. ГДК у паветры 0,005 мг/м³, у вадзе 0,05 мг/л.

т. 16, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)